Беларуская Служба

Рэжысёрка спектакля пра эмігрантаў: «Вельмі хацелася знайсці форму, у якой мы можам смяяцца над сабой»

11.02.2026 19:31
Беларуская акторка паставіла спектакль пра эмігрантаў паводле п’есы польскага драматурга.
Аўдыё
  • Анастасія Шпакоўская паставіла спектакль пра эмігрантаў паводле п’есы польскага драматурга Славаміра Мрожэка.
  .
Сцэна са спектакля. Фота з прыватнага архіва Анастасіі Шпакоўскай.

Анастасія Шпакоўская – беларуская акторка, музыкантка, тэатральная рэжысёрка. Працавала ў Тэатры імя Горкага ў Мінску, якому аддала звыш 20 гадоў свайго прафесійнага жыцця. Пасля падзей жніўня 2020 года ў знак пратэсту супраць рэпрэсій звольнілася з дзяржаўнага тэатру. Тады ёй пачалі паступаць званкі з пагрозамі, у тым ліку ў адносінах дзяцей. Было прынята рашэнне пераехаць ва Украіну.

Калі пачалася поўнамаштабная вайна, перабралася ў Літву, дзе працавала ў Драматычным тэатры. А цяпер ужо звыш года жыве ў Варшаве, дзе спрабавала сябе ў ролі рэжысёра, паставіўшы спектакль пра эмігрантаў паводле п’есы польскага драматурга Славаміра Мрожэка.

— У адным з інтэрв’ю вы сказалі, што не хацелі б усё зноў пачынаць з нуля. Тады былі яшчэ ва Украіне. І не думалі, што прыйдзецца пераехаць у Літву, а пазней яшчэ ў Польшчу? Ці цяпер ужо вырашылі, што тут надоўга і цалкам, так сказаць, распакавалі валізкі?

— Калі прайшло 6 год, валізкі ўжо даўно распакавалі, спадзяюся, усе, хто доўгі час знаходзіцца паза радзімай. А ці на ўсё жыццё гэта, ці не – ад нас не залежыць. Тыя падзеі, якія развіваюцца ў свеце і Беларусі, сведчаць аб тым, што ў бліжэйшы час мы не вернемся. У маім выпадку цяжка сказаць, што пачынаю ўсё з нуля. Безумоўна, жыццё ў іншых краінах – гэта нейкі пачатак, але я займалася тым, што ўмею рабіць і што раблю, спадзяюся, добра. І ва Украіне, і ў Літве ў мяне быў тэатральны вопыт, таксама я спрабавала сябе ў ролі радыёвядоўцы. У Польшчы я вырашыла, што, нягледзячы на ўсе абставіны, мне трэба рухацца далей, развівацца, расці. І я спрабавала сябе ў ролю рэжысёра. Ранейшы вопыт падштурхнуў мяне да гэтага рашэння.

— І з поспехам. Вы паставілі п’есу Славаміра Мрожэка «Эмігранты». Яна была напісана ў мінулым стагоддзі, ці вы неяк адаптавалі яе да беларускіх умоў? І чаму гэтага польскага аўтара выбралі?

— Дапамагаў мне з выбарам адзін з актораў у гэтым спектаклі – Дзіма Есяневіч, гэта была яго ідэя. Не было мэты адаптаваць спектакль да беларусаў, таму ён ідзе на расійскай мове, каб аб’яднаць усю Усходнюю Еўропу з яе агульнай гісторыяй. Каб імігранты і з Украіны, і з Казахстана, з Расіі, з іншых краін зразумелі. Але спектакль ідзе з польскімі цітрамі, палякі, якія любяць Мрожэка і паважаюць яго творчасць, таксама могуць далучыцца.

Павел Гарадніцкі, Анастасія Шпакоўская і Дзмітры Есяневіч.
Павел Гарадніцкі, Анастасія Шпакоўская і Дзмітры Есяневіч.

— У такім выпадку вы цалкам трымаецеся аўтарскай задумы?

— Не, шмат чаго было зменена, дададзены больш сучасныя тэрміны, фразы ці падзеі. Але асноўная схема засталася, хаця шмат чаго беларускага мы дадалі. Цяжка казаць пра п’есу, каб чагосьці не вырваць з кантэксту. Трэба глядзець.

— А гэта была ваша першая сустрэча з Мрожэкам? І якое ўражанне на вас зрабіла яго творчасць?

— Шчыра кажучы, п’еса мне падалася вельмі аднабаковай. Напісана пра двух герояў – адзін разумны, другі дурны. Адзін тоўсты, другі тонкі. Так у жыцці не бывае – адзін нічога не разумее, а другі цалкам усё разумее, адзін чытае кніжкі, другі не чытае. Галоўнае пытанне – пра адарванасць ад родных прац, ад родных людзей. Што з чалавекам адбываецца, што ён адчувае. Я спадзяюся, што на гэтае пытанне мы змаглі адказаць у нашым спектаклі. І хачу падкрэсліць, што спектакль не сумны, хаця ён пра адзіноту, ён не нудны і не той, які павінен выціскаць слёзы і выклікаць смутак на душы. Вельмі хацелася знайсці форму, у якой мы можам смяяцца над сабой. І вельмі мне спадабаліся словы, якія я знайшла для прома гэтага спектакля: тая трагедыя, якая доўжыцца занадта доўга, ператвараецца ў камедыю. Мы ў сваім суме ўжо можам знайсці моц, каб смяяцца над тымі падзеямі, якія адбываюцца ў нашым жыцця, смяяцца над тым, як мы рэагуем на гэтыя падзеі.

Запрашаем на спектакль 21 лютага ў варшаўскі тэатр Potem-o-tem.

А ў далучаным гукавым файле – поўная гутарка з Анастасіяй Шпакоўскай, у тым ліку пра цёмныя і светлыя бакі эміграцыі.

Размаўляла Наталля Грышкевіч